Тыдзень беларускай мовы і літаратуры 2020/2021 навучальны год

Дзень музычны (15.02.2021г)

15 лютага ў школе ў чарговы раз пачаўся тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Гэты дзень усе вучні чакалі з нецярпеннем. Вялася вялікая папярэдняя работа. Былі аб’яўлены конкурсы: кніжак – малышак “Бабуліны рэцэпты”, “Апранайся па-беларуску”, відэаролікаў “Рэклама роднай мовы”, “Родны мой горад”, малюнкаў “Мой любімы літаратурны твор”, флаераў          “Кажуць, мова мая аджывае…”, конкурс сачыненняў “Каб любіць Беларусь нашу мілую…”.

 Тыдзень пачаўся з акцыі “Размаўляй са мной па-беларуску”: вучням, настаўнікам і работнікам школы было прапанавана напісаць самае прыгожае беларускае слова! Узамен кожны атрымаў каляндарык з рэкламай беларускай мовы.  Спадзяёмся, што акцыя працягнецца ў школе не адзін дзень!

Пасля першага ўрока прайшла ўрачыстая лінейка, дзе быў абвешчаны план тыдня, для таго, каб вучні школы змаглі абраць для сябе самыя цікавыя мерапрыемствы, у якіх прымуць удзел.

Былі арганізаваны выставы: конкурс малюнкаў “Мой любімы беларускі твор”, “Пісьменнікі – юбіляры”, флаер – фэст “Кажуць, мова мая аджывае…”

А пасля ўрокаў вучні і настаўнікі сабраліся ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры на “Свята беларускай песні”. Як цудоўна і меладычна гучала роднае слова ў выкананні вучняў школы! Канцэрт праляцеў, як адно імгненне.  Вялікі дзякуй, нашы артысты, за тую шчырасць, любоў да мовы, краіны, якая адчувалася ў кожным вашым выступленні.

Спадзяёмся, што  на прцягу тыдня кожны дзень родную мову вы будзеце адкрываць па-новаму!

Фотаальбом . Дзень "Музычны"(глядзі тут)

 

Дзень “ІНТЭРАКТЫЎНЫ”(16.02.2021г)

У школе працягваецца акцыя “Размаўляй са мной па – беларуску”.  З самага ранку вучні стараліся размаўляць на перапынках на беларускай мове. Вельмі прыемна было чуць гучанне роднага слова.

Вучні 5 “А” і 5 “Б” класаў прынялі ўдзел у інтэрактыўнай гульні “Знаўцы беларускай мовы”. Яны з захапленнем разгадвалі загадкі, шарады і метаграмы, адпраўляліся ў віртуальнае падарожжа, выбраўшы рубрыку  “Гэта цікава”. З захапленнем праглядалі відэаролікі, у якіх пераносіліся ў розныя куткі Беларусі, слухалі песні ў выкананні беларускіх выканаўцаў.

Пераможцамі аказаліся вучні 5 “А” класа. Таксама былі вызначаны самыя актыўныя ўдзельнікі з двух класаў, якія падчас правядзення гульні праявілі сябе сапраўднымі знаўцамі беларускай мовы.

Вучні 5 – 9 класаў прынялі актыўны ўдзел у конкурсе “Разгадай фразеалагізм”. Кожны клас павінен быў запоўніць карту, расшыфраваўшы рэбусы. Падчас конкурсу школьнікі яшчэ раз змаглі дакрануцца да багацця роднага слова, залацінак беларускай мовы, тым самым папоўніць свой слоўнікавы запас.

У гэты ж дзень адбыўся конкурс чытальнікаў твораў беларускіх класікаў. Пераможцамі сталі Нарута Вера, вучаніца 5 “А” класа і Трубач Яўгенія, вучаніца 9 “А” класа.

А таксама падведзены вынікі конкурсу відэаролікаў. Трэба адзначыць, што ў гэтым конкурсе прынялі актыўны ўдзел вучні 5 – 11 класаў. Вельмі цяжка было вызначыць пераможцаў. Лепшыя работы размешчаны на школьным канале.

Работы – пераможцы:

 Уладзіслаў Улановіч 8 “Б” клас “Рэклама роднай мовы

Герасімовіч Лізавета 7 “В” клас “Мая Беларусь

Ярэміч Соф’я 7 “В” клас “Мой родны горад

Паршуціч Данііл 7 “В” клас “Ваўкавыск – мая радзіма

Калектыўная работа вучняў 5 “А” класа “Мая родная мова

Фотаальбом . Дзень " Інтэрактыўны" (глядзі тут)

Пераможцы конкурсу чытальнікаў вершаў

К.Крапіва. "Дзіця. Вожык і Змяя". Нарута Вера, 5 "А" клас

<iframe allow="accelerometer; autoplay; clipboard-write; encrypted-media; gyroscope; picture-in-picture" allowfullscreen="" frameborder="0" height="315" src="https://www.youtube.com/embed/W0z8H44wlGw" width="560"></iframe>І.Мележ "Людзі на балоце". Трубач Яўгенія , 9 "А" клас
<iframe allow="accelerometer; autoplay; clipboard-write; encrypted-media; gyroscope; picture-in-picture" allowfullscreen="" frameborder="0" height="315" src="https://www.youtube.com/embed/uL7ayY6E5ec" width="560"></iframe>

Дзень Забаўляльны(17.02.2021г)

Гуляць любяць усе: і дзеці, і дарослыя. У гульні праяўляюцца многія якасці: пачуццё калектывізму, падтрымка адзін аднаго, нават уменне прайграваць! Таму мы цэлы дзень прысвяцілі гульням. Гулялі ўсюды: на калідорах, у кабінетах, спартыўнай зале. Самымі запамінальнымі былі дыдактычныя гульні “Беларускі кракадзіл” і “Мова”, падчас якіх вучні дэманстравалі веданне беларускай мовы, а таксама папаўнялі свой слоўнікавы запас, а яшчэ паказвалі сваё акцёрскае майстэрства, зашыфроўваючы і адгадваючы беларускія словы. А ў якасці размінкі былі беларускія хуткамоўкі. Абыякавых сярод удзельнікаў не было! 

У гэты ж дзень прайшла конкурсная гульня “Родная мова, цудоўная мова!” для вучняў 6  - ых класаў,  Школьнікі адправіліся ў цудоўнае падарожжа па краіне роднай мовы. Гуляючы, яны паказалі, як добра  валодаюць родным словам, на колькі трывала  ведаюць творчасць беларускіх пісьменнікаў, умеюць разгадваць загадкі, складаць прыказкі і прымаўкі.

Яшчэ ў адным гульнёвым конкурсе - спаборніцтве “Размаўляй са мной па – беларуску” прынялі ўдзел вучні 7 – ых класаў. Гульня пачалася з размінкі, падчас якой на кожную літару алфавіта трэба было назваць беларускае слова. Тры туры заданняў былі складзены такім чынам, што дасканала праверылі , як вучні ведаюць родную ўмову, умець выкарыстоўваць прапанаваныя словы, словазлучэнні ў пэўных сітуацыях. Паміж турамі гучала беларуская музыка, якой за гэтыя дні па-сапраўднаму зацікавіліся вучні школы.

Спадзяёмся, што гэты дзень застанецца ў іх памяці, а цікавасць да роднага слова не згасне з цягам часу.

Фотаальбом. Дзень "Забаўляльны"(17.02.2021г)

 

Дзень "Пазнавальны"(18.02.2021г)

Чацвёрты дзень на нашым тыдні называўся “Пазнавальны”.

Ведаць мову – гэта значыць трывала валодаць правіламі, умець прымяняць іх на практыцы, таму і мерапрыемствы ў гэты дзень былі спланаваны пэўным чынам.                                                                                                                      Вучні  3 – 11 класаў прынялі актыўны ўдзел ў міжнародным конкурсе “Буслік – 2021”.

Для вучняў 5 – 7 класаў быў прапанавана віктарына“Разгадай рэбус”, дзе яны павінны былі праявіць кемлівасць і смекалку, а таксама паказаць, як добра яны ведаюць лексічны склад беларускай мовы.

Вучні 8-ых класаў прынялі ўдзел у гульні – віктарыне “У пошуках скарбаў”. Гульня спрыяла развіццю пазнавальнай актыўнасці вучняў, іх творчых здольнасцей і лагічнага мыслення, захаванню цікаўнасці да мастацкай літаратуры, беларускай мовы, выхаванню любові і павагі да роднай мовы, фарміраванню навыкаў маўленчых зносін. Вучні з цікавасцю выконвалі заданні кожнага тура: перакладалі словы на беларускую мову, пазнавалі творы беларускіх пісьменнікаў, складалі сказы з прапанаванымі словамі, замянялі прапанаваныя выразы адным словам, слухалі беларускія музычныя творы. Рабяты парадавлі журы сваімі адказамі, і атрымалася так, што ў гэтым конкурсе абедзве каманды набралі роўную колькасць балаў.

 Спадзяёмся, што за гэты дзень вучні змаглі даведацца многа новых і цікавых фактаў пра беларускую мову, а таксама ўпэўніцца ў тым, што кожны сумленны грамадзянін павінен трывала валодаць роднай мовай.

Фотаальбом. Дзень "Пазнавальны"(18.02.2021г) (глядзі тут)

 

Дзень “ГАСЦІННЫ”(19.02.2021г)

Мы ўсім сваёй гасціннасцю вядомы,

Надзейныя сябры і дружбакі.

I госць, і падарожны ў нас

Як дома.

А злым і травы колюцца ў бакі.

Гатовы ўсё аддаць —

I тым багаты,

Мы, беларусы,

Мы — народ такі.

                             Рыгор Барадулін

 

Беларусы – народ гасцінны. Таму мы не маглі абмінуць гэтую якасць нашых землякоў, хацелася яшчэ раз паказаць, што наша культура багатая на розныя традыцыі, якія дасталіся нам у спадчыну ад дзядуль і бабуль.

З даўніх часоў вядома, што нашы землякі заўсёды рады былі бачыць гасцей у сваёй хаце. Гаспадыні гатавалі розныя прысмакі, а рэцэпты перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Кожная сям’я захоўвае сакрэты прыгатавання розных страў. Нават самыя простыя дранікі не будуць аднолькавымі ў двух розных гаспадынь.

Рыхтуючыся да тыдня, мы аб’явілі конкурс кніжак – малышак. Адна з тэм – “Рэцэпты маёй бабулі”. Вучні з цікавасцю даведваліся рэцэпты прыгатавання нацыянальных беларускіх спраў, запісвалі іх, фатаграфалі, падбіралі карцінкі і ўвесь матэрыял змяшчалі ў кніжцы.

А сёння ў школе адбылося сапраўднае свята! Былі прадстаўлены самыя папулярныя беларускія стравы: дранікі, пызы, кішка, кравянка, каўбаса, квашаная капуста і шмат іншых прысмакаў. Паспрабаваўшы іх, кожны з прысутных як бы перанёсся ў вёску да бабулі ў госці, дзе табе заўсёды рады і частуюць самым лепшым. Канечне, зараз можна многа розных гатовых страў купіць у магазіне - піцу, ролы, фанту, чыпсы, але нішто не заменіць  дранікі, бабку, бульбу і іншыя нацыянальныя стравы, якімі славіцца беларуская кухня.

Спадзяёмся, што гэты дзень запомніцца ўсім прысутным.

Фотаальбом. Дзень "Гасцінны" (19.02.2021г)

 

Дзень “ЛІТАРАТУРНЫ”(20.02.2021г)

Шосты дзень мы прысвяцілі творчасці беларускіх пісьменнікаў.

Конкурс – гульня “Родная мова, цудоўная мова!” быў праведзены для вучняў шостых класаў. Рабяты адправіліся ў падарожжа па старонках любімых кніг: адказвалі на пытанні віктарыны, складалі пазлы па літаратурных творах, малявалі сваіх любімых герояў, інсценіравалі ўрыўкі з твораў.

А вечарам вучні 9 – 11 класах прынялі ўдзел у квэсце пад назваю “Вядомыя – невядомыя пісьменнікі”. Усе прысутныя падзяліліся на тры камнады. Кожная каманда атрымала карту, на якой быў акрэслены маршрут падарожжа.  Для наведвання і разгадкі былі прапанаваны пяць пунктаў. На кожным пункце трэба было расшыфраваць Q-код, у якім апісвалася заданне.

На першым пункце вучні павінны былі пазнаць пісьменніка па фота і вызначыць, кім па прафесіі былі Алаіза Пашкевіч, Алесь Разанаў, Аляксей Дудараў, Змітрок Бядуля, Янка Маўр, Цётка. 

Другі пункт меў назву “Псеўданімы”.  Тут трэба было суаднесці псеўданімы з фотаздымкамі пісьменнікаў.

Трэці пункт – “Пазнай твор”. Па прапанававаным малюнку трэба было вызначыць назву і аўтара твора, суаднесці цытату з твора з ілюстрацыяй. “Пазнай родных пісьменніка” – так называўся чацвёрты пункт квэста, дзе вучні павінны былі пазнаць  на фотаздымках  родных Якуба Коласа і Янкі Маўра, Рыгора Бардуліна, Максіма Танка, Яўгеніі Янішчыц і Сяргея Панізніка, Івана Шамякіна, Змітрака Бядулі.

Пяты пункт называўся “Знешняе падабенства”. Удзельнікі  разгадвалі, якіх знакамітых асоб нагадваюць Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Максім Багадановіч, Ніна Мацяш, Раіса Баравікова.

Вучні з цікавасцю вандравалі па прапанаваных маршрутах і выконвалі заданні. Мерапрыемства спрыяла прывіццю цікавасці да мастацкага слова, паглыбленню ведаў пра жыццё і творчасць беларускіх пісьменнікаў.   

Фотаальбом. Дзень "Літаратурны"(20.02.2021г) (глядзі тут)

Дзень сёмы.  ДЗЕНЬ РОДНАЙ МОВЫ

 Міжнародны дзень роднай мовы заснаваны ў 1999 годзе рашэннем Генеральнай сесіі ЮНЕСКА і штогод адзначаецца 21 лютага. Галоўная яго мэта – захаванне моўнай і культурнай разнастайнасці ў свеце, падтрыманне нацыянальных моў і культур, а таксама забеспячэнне права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай.

Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова”.                     

                                                                                      Змітрок Бядуля

У гэты дзень мы вырашылі правесці акцыю “Родную мову – кожны тэлефон”. Вучні і настаўнікі школы віншавалі са святам сваіх родных, блізкіх, знаёмых. Для некаторых было нечакана атрымаць віншаванне на роднай мове, хтосьці задумаўся, як правільна напісаць у адказ. Але як прыемна было чытаць шчырыя словы віншавання, убачыць, як кожны пастараўся праявіць арыгінальнасць у складанні смс-паведамленняў!

 Вельмі спадзяёмся, што беларуская мова будзе гучаць з вуснаў нашых школьнікаў не толькі ў дзень роднай мовы!